28 чэрвеня 2009 г. у грамадзкай залі царквы святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася прэзэнтацыя кнігі Зянона Пазьняка “Нацыянальныя каштоўнасьці”, прысьвечаная ролі і значэньню нацыянальнай культуры.
Перад прысутнымі выступіў аўтар. Ён адзначыў, што беларусам вельмі важна зрабіць тое, што не было зроблена на працягу ХХ-га стагоддзя – стварыць тэорыю нацыянальнага Адраджэньня. З гэтай мэтай у Беларусі Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ арганізавала спэцыяльныя сэмінары – “Ідэалы БНР і беларускае Адраджэньне”, — якія праводзяцца кожны год. Даклады і рэфэраты на канфэрэнцыю рыхтуюцца па канцэптуальных пытаньнях разьвіцьця Беларусі і яе нацыянальнага жыцьця.
Кніга “Нацыянальныя каштоўнасьці” (як і некаторыя ранейшыя, прыкладам, “Развагі”) падпарадкавана гэтай мэце. “Мы павінны сістэмна думаць пра нашу культуру, дзяржаву, будучыню, народ. Тэорыя якраз дае такое сістэмнае думаньне”, — сказаў спадар Пазьняк. І галоўнае, што запатрабаванасьць такой працы у беларускім грамадзтве ёсьць, асабліва сярод моладзі.
”У кнізе адлюстраваныя, у асноўным, каштоўнасьці асноватворныя: гэта мова, чалавек, народ, тэрыторыя, культура народа, сьцяг, гэрб і г.д. Усё гэта разгледжана ў сутнасным значэньні (значыць, што такое ёсьць сама зьява, чаму яна гэтакая, а не іншая, чаму бяз яе нельга абыйсьціся). Першае, што ліквідаваў антыбеларускі рэжым на Беларусі – гэта наш гэрб і сьцяг. Трэба тлумачыць, чаму яны гэта рабілі і што гэта для нас значыць, чаму ў гісторыі за сьцяг людзі ішлі на сьмерць. Ў цяперашняй акупацыйнай школе і ўнівэрсітэце моладзі пра гэта ўжо ніхто ня скажа”, — падкрэсьліў аўтар.
Кніга адмыслова вышла невялічкім “кішэнным” фарматам, каб можна было лягчэй ёй карыстацца, чытаць і перадаваць у любых варунках, ведаючы сытуацыю, якая ёсьць на Беларусі.
Больш падрабязна Зянон Пазьняк спыніўся на важнейшым аспэкце тэмы – аспэкце культуры. Некалькі артыкулаў ён прысьвяціў мове, бо гэта, на думку аўтара, самае галоўнае, што робіць нас нацыяй, народам і дзяржавай, а для беларусаў – гэта каштоўнасьць нумар адзін. “Бяз мовы мы ня будзем мець ні дзяржавы, ні незалежнасьці, ні эканомікі, — падсумаваў сп. Пазьняк. — ...За апошнія часы сьвет вельмі перамяніўся. Працэс глябалізацыі – аб’ектыўны, ён ідзе незалежна ад нас, — працягваў аўтар. — Каб застацца самымі сабой, каб захаваць сваю ідэнтычнасьць, нацыянальную культуру, каб мацаваць сваю дзяржаву і стымуляваць яе разьвіцьцё, — патрэбна ўсьведамленьне нацыянальнай культуры. Культура зараз, фактычна, трымае ўсе народы. Культура, традыцыі цэментуюць і даюць магчымасьць нам ня зьнікнуць, не растварыцца ў сьвеце. На сёньняшні дзень культура робіцца адной з галоўных прыкметаў суверэнітэту. (Раней гэта былі межы. Яны вызначалі ўсё. Цяпер межы свабодныя, чалавек можа езьдзіць па ўсім сьвеце. Культура актыўна вызначае суверэнітэт грамадзтва і асобы.)
Культура яднае кожны народ. Сучасны рэжым на Беларусі хоць і не такі жорсткі, як, скажам, сталінскі, але ён антынацыянальны, антыбеларускі, ён зьнішчае нашу культуру, і абніжае яе ўзровень.
Гэты разбуральны, прымусовы рэгрэс культуры для нас вельмі небясьпечны, ён раскансалідоўвае нацыю. Людзі атрымоўваюць адукацыю (у чужой мове) – і не разумеюць каштоўнасьці нацыянальнай культуры. Яны проста выпадаюць з культуры нацыі, зь яе гістарычнага кантэксту.”
У працэсе гаворкі аўтарам былі закранутыя шматлікія пытаньні гнасеалогіі культуры: яе паходжаньне, шляхі разьвіцьця, які сэнс укладаецца ў шырокае паняцьце “культура” (усё, што створана чалавекам, яго рукамі і розумам) і ў вузейшы сэнс гэтага слова (як духоўная, творчая, мастацкая дзейнасьць чалавека), у чым адрозьненьне паміж культурнымі цывілізацыямі і варварамі.
У сваіх выступах (Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць, Сяргей Капытка, Ларыса Пузач, Тацьцяна Красоўская) падзякавалі аўтару за шчырую працу на карысьць Бацькаўшчыне, высока ацанілі новае выданьне і выказалі пажаданьне творчых посьпехаў аўтару ў далейшым.
Свой выступ Вітаўт Кіпель пачаў з успаміна пра брашуру В. Ластоўскага “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”, якая яго ўразіла ў юнацтве.
“Калі Зянон Пазьняк даў мне гэтую кніжку (“Нацыянальныя каштоўнасьці”), я зразумеў, што мы як нацыя сягнулі значна далей, чым тады, калі пісалася кніга Ластоўскага... Хацелася, каб кожны прачытаў гэтую кніжку. Бо сапраўды, як у кнізе адзначана, у гэтым падручніку, у гэтай лекцыі, мова – гэта асноўнае, што нас трымае разам”, — падкрэсьліў выступоўца.
Спадар Кіпель прывёў просты прыклад з уласнага жыцьця, як трэба даражыць і шанаваць сваю мову. Зараз ён мае 82 гады, а на Беларусі жыў усяго 7 гадоў. І праз усё жыцьцё не згубіў сваёй роднай мовы.
Спадар Кіпель падкрэсьліў таксама станоўчыя разважаньні Зянона Пазьняка ў кнізе пра небясьпеку падмены культуры на эрзац-культуру: “Паход на нас ніколі не спыняўся, ён ня спынецца, пакуль Расея не дасягне свайго. Але, з другога боку, мы мацнеем, дзякуючы таму, што выходзяць такія кнігі, як кніга З. Пазьняка “Нацыянальныя каштоўнасьці”.
Ларыса Пузач адзначыла: “Важна даць даніну ўдзячнасьці спадару Пазьняку за яго змаганьне за Беларусь. Сваімі кнігамі, сваім творчым словам Зянон Пазьняк фармуе наш беларускі дух. Кніга “Нацыянальныя каштоўнасьці” мае вялікую вагу, у ёй аўтар напамінае нам, што трэба верыць у Хрыста і Беларускую ідэю”.
“У гэтым годзе, — сказаў Антон Шукелойць, — якраз выпадае шмат грамадзкіх юбілеяў і юбілеяў выдатных людзей. У шэрагу гэтых юбілеяў і наш паважаны Зянон Пазьняк.
Спадар Зянон мае вялікія абдоранасьці, зацікаўленьні ў розных дзялянках грамадзкага, палітычнага, мастацкага жыцьця. І ў кожнай з гэтых дзялянак ён актыўны і заўсёды — з вялікай карысьцю для беларускага народа. Па сваёй асьветніцкай справе З. Пазьняк – доктар мастацтвазнаўства. І выглядала б, што ў гэтай галіне ён і мусіў бы працаваць. І здольнасьці ў яго ў гэтым кірунку вялікія. Але ён працаваў у розных іншых сфэрах жыцьця, напрыклад, гісторыі, археалёгіі...
Кніжачка “Нацыянальныя каштоўнасьці” – другая такога кшталту пасьля невялічкай брашуры Ластоўскага, у якой усё аб Беларусі, якую можна пакласьці ў кішэнь, потым пераглядаць і чытаць усюды. Артыкулы, якія тут сабраныя, цікава прачытаць не адзін раз.
Сп. Пазьняк – чалавек шырокага зацікаўленьня. І ў кожнай з гэтых яго зацікаўленьняў ён стараецца нешта пакінуць, што б рэпрэзэнтавала беларускую справу. Кажная ягоная дзялянка зацікаўленьня вызначаецца кніжкай, якую ён выдае для нас усіх, для цэлага беларускага грамадзтва.
Жадаю доўгіх год, выдатнай працы на дабро беларускага народа з такім запалам і шырынёй поглядаў, як працаваў да гэтага часу.”
Такім чынам прэзэнтацыя новай кнігі перайшла ў віншаваньне з нагоды 65-годдзя Зянона Пазьняка. Пранікнёна чытала вершы Зянона Тацьцяна Красоўская, прысутныя цёплымі словамі і пажаданьнямі віншавалі спадара Пазьняка, сьпявалі “Шмат год”, гучала (у запісе) песьня-раманс Ігара Лучанка “Авэ-Марыя” на верш Зянона “Гучаньне анёльскага голасу”.
Асабліва крануў выступ 6-гадовай Паўлінкі Падлескай (унучкі вядомага, сьветлай памяці, ветэрана БНФ Генадзя Банкевіча), якая прачытала вершы беларускіх паэтаў і прасьпявала беларускія песьні.
Відаць было (адчувалася), што ўсім прасутным добра знаходзіцца разам, слухаць беларускія сьпевы і нацыянальную музыку. Прыязныя гаворкі, пачастункі, цёплыя словы яшчэ доўга не адпускалі, не давалі сябрам разыходзіцца. Разам – было хораша і ўтульна.
На заканчэньне, што адпавядала агульнаму настрою, быў прачытаны верш Зянона: “Свае”
У цёмную ноч
Перад Днём Задушным,
Калі ўжо маўчалі дрэвы і травы,
Трывожна было на душы.
Хтось пастукаў у шыбы:
— Хто там?
— Свае.
Як добра!
Марыля ЯКУШЭВІЧ
30 чэрвеня 2009 г.