Зянон ПАЗЬНЯК. Афіцыйны сайт Зянон Пазьняк
Біяграфія
Праграма
Фотаальбом
Відэа-Аўдыё
Кантакт
Спасылкі
Артыкулы
Аналітыка
Інтэрв'ю
Ацэнкі
Кнігі


Бясплатны хостынг

 

Біяграфія

00.00.00, 00:00

Старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Вядзе актыўную палітычную дзейнасьць, скіраваную на дасягненьне незалежнасьці Беларусі ад неакаляніяльнага ўціску з боку расейскай імпэрыі. Пасьлядоўны прыхільнік ідэі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, сфармуляванай ў пачатку ХХ стагоддзя дзеячамі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Вядзе актыўную дзейнасьць па ўкараненьні ідэі нацыянальнага Адраджэньня ў сучасным беларускім грамадзтве і па стварэньні моцнай вольнай дэмакратычнай Беларускай дзяржавы. Прытрымліваецца маральных прынцыпаў у палітыцы. Стаіць на пазыцыях прыярытэту хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, прыярытэту свабоды нацыі, свабоды сумленьня, павазе правоў асобы і індывідуальнага выбару веры. У эканоміцы прытрымліваецца рынкавай мадэлі са свабодай самаарганізацыі суб’ектаў гаспадараньня, угрунтаванай на прыярытэце прыватнай уласнасьці.

Нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую Мастацкую Акадэмію (тады – Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі Інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленьне. У 1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце Этнаграфіі, Мастацтвазнаўства і Фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе абараніў дысертацыю ў Ленінградзе па гісторыі беларускага тэатру.

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 г.) і пазбаўленьня працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалёгіяй (з 1976 г.). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у адзеле археалёгіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі. (Раскопкі Менска, Лоска і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.) Шмат зрабіў для захаваньня гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менску. Адстаяў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску: Траецкае прадмесьце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесьце.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і археалягічна дасьледваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах, расстраляных ворганамі НКВД. Зянон Пазьняк – адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралёгу Беларусі (1988 г.) і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988 г.).

З траўня 1990 года па студзень 1996 г – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутатцкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Найбольш важныя справы, зьдзейсьненыя пад яго кіраўніцтвам у гэты час: адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990 гг.), вяртаньне незалежнасьці Беларусі (1991 г.), нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, гэрбу Пагоня і суверэнітэту краіны, распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» савецкай імпэрыі на радзіму.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана у «Народнай газэце» 16.04.1992 г.).

У сакавіку 1996 года, унікаючы арышту і фізічнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя выступленьні супраць незаконных дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. Праз месяц нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляна фізічнага зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Зянон Пазьняк усе гады на эміграцыі інтэнсіўна займаецца выключна палітыкай, прадстаўляе, абараняе і рухае вызвольную справу беларускага Адраджэньня. Сустракаецца з палітыкамі, грамадзкасьцю, журналістамі розных краінаў, бароніць правы беларусаў і незалежную Беларусь. Акрамя таго,з 1996 году на грамадзкіх пачатках ён рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з жэнкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасьці».

Зянон Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства і пастаянна працуе ў беларускай палітыцы. Зьяўляецца Старшынём партыі і руху БНФ. Непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў БНФ і Партыі БНФ. Ён напісаў сотні навуковых, палітычных і культуралягічных артыкулаў, выдаў каля дзесятка кніг і брашур. Ужо ў гэтым стагоддзі выйшлі ў сьвет чатыры кнігі: кніга фота-вершаў «Глёрыя Патрыя»(2000 г.), складнік палітычна-асьветніцкіх артыкулаў «Новае Стагоддзе» (2002 г.) і культурна-асьветніцкае выданьне «Гутаркі з Антонам Шукелойцем»(2004 г.), паэма ў трох частках «Вялікае Княства»(2005 г.).

Сям’я З.Пазьняка, жонка Галіна, і дачка Надзея з-за пагрозы палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве.Маці Ганна Яўхімаўна – пэнсіянерка, жыве ў Менску. Бацька Станіслаў быў мабілізаваны ў Чырвоную армію летам 1944 года і загінуў на фронце (на тэрыторыі Польшы) ў сьнежні 1944 года.

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк
Падзеі і навіны
 
18.10.08 20 гадоў Беларускаму Народнаму Фронту “Адраджэньне”. (Віншаваньне) »
18.10.08 Эпоха ў жыцьці нацыі (Да дваццацігоддзя БНФ) »
25.03.08 Зянон ПАЗЬНЯК: “Набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі” »
13.01.08  Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ »
05.12.07 Заўвагі пасьля расейскіх выбараў у Думу »
11.11.07 Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ »
14.10.07  Кастрычніцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” i Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ »
09.09.07 Верасьнёўскі Сойм Бе ларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ »
04.08.07  Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
10.07.07 Ліпеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
11.06.07 Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
17.05.07 Травеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
17.05.07 Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
12.03.07 Сакавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ »
13.02.07 Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ »
Усе навіны »
 



© 2006 - 2009 Зянон Пазьняк. Усе правы абароненыя
Пры перадруку інфармацыі спасылка на сайт Зянона Пазьняка абавязковая
       
 
Падтрымка сайта:    
Беларускі Маладзевы Рух у Амерыцы